Каб склаўся пасьянс гісторыі

газета «Культура» за 29 мая – 4 июня 2010 г. № 22

Каб склаўся пасьянс гісторыі Трактоўка аўтара 6500 імёнаў Беларусі Для пераважнай большасці айчынных прыхільнікаў гістарычнай літаратуры імя Наталлі ГОЛУБЕВАЙ не патрабуе “расшыфроўкі”. Кандыдат гістарычных навук, член Саюза пісьменнікаў Беларусі і Беларускага саюза журналістаў, яна, з’яўляючыся намеснікам начальніка ўпраўлення сацыяльна-культурнай сферы апарата Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, актыўна працуе ў прыгожым пісьменстве. Размову нашу з Наталляй Аляксандраўнай мы пачалі з прыемнай навіны: не так даўно яна вярнулася з Эстоніі, дзе атрымала дыплом міністра культуры гэтай краіны Лайне Янеса і падзяку ад мэрыі горада Нарвы.

ШТО НЕ ПРАЛічЫШ РЭЙТЫНГАМі? 

— Як вядома, 2010-ы ў Еўрасаюзе аб’яўлены Годам кнігі. Адпаведна, і ў Эстоніі праводзіцца мноства мерапрыемстваў у рамках абвешчанага там Года чытання. Прыемна, што на іх у маёй асобе была прадстаўлена і беларуская літаратура. Самі мерапрыемствы дазволілі яшчэ раз пацвердзіць, што інтарэс да кнігі — ёсць. Да ўсяго, пераканалася: у свеце адбываецца вельмі дынамічны літаратурны працэс, калі ўсё большую вагу і папулярнасць набываюць тыя творы, што маюць змест глыбокі і прасякнуты разважаннем. Гэта значыць, літаратура не становіцца прасцейшай, а наадварот, — больш інтэлектуальнай, змястоўнай: як і ў «самыя кніжныя» перыяды савецкага часу, чытачоў турбуюць агульначалавечыя пытанні вайны і міру, няпростых міжасабовых стасункаў…

— А ці можна назваць пэўныя краіны, чые аўтары лідзіруюць у сусветнай пісьменніцкай прасторы ў тых ці іншых жанрах, адпаведна, карыстаючыся поспехам у чытача? 

— Літаратура не мае нацыянальных межаў, і асноўным крытэрыем запатрабаванасці кнігі застаецца яе цікавасць, а галоўным «суддзёй» пісьменніка — чытач. Напрыклад, творы вядомай пісьменніцы Майму Берг, прадстаўніцы сучаснай эстонскай літаратуры, выдадзены ў Расіі немалым тыражом у перакладзе з эстонскай мовы, а таксама — у шматлікіх еўрапейскіх краінах на нямецкай, фінскай, шведскай, англійскай, галандскай мовах. І не мае значэння, што творы напісаны на эстонскай мове прадстаўніцай маленькай краіны і тычацца вельмі складаных сацыяльных пытанняў набыцця душэўнай незалежнасці. Галоўнае — гэта цікава, карыстаецца поспехам у чытача, запатрабавана на кніжным рынку.

Тая шматтэмнасць, якая прадстаўлена сёння ў літаратурнай прасторы, падкрэслівае, што любая з ліній — прымальная, калі змястоўна і цікава прапанавана аўтарам. І наадварот. Звярніце ўвагу: лідэрам кніжных продажаў па-ранейшаму застаецца дэтэктыўная літаратура. Але ж, калі хочаш прачытаць дэтэктыў, як кажуць, для душы, здымаеш з паліцы кнігі Дафны Дзюмар’е, Віктара Канінга, Юльяна Сямёнава, як, між іншым, пры наяўнасці на нашых телеканалах фільмаў-клонаў гэтага жанру, у сто пяты раз хочацца паглядзець класічнае «Месца сустрэчы змяніць нельга». Мяне вельмі здзівіла, калі ў водгуках чытачоў, што збіраюцца штотыднёва ў бібліятэках, у раздзеле «Самая сумная кніга» трапіліся назвы твораў некаторых «раскручаных» аўтараў-дэтэктыўшчыкаў. Гэта пераконвае: у кожным жанры ёсць шмат кніг, але ж запатрабаваны заўсёды застаецца талент, які зразумелы для ўсіх і ва ўсе часы.

ЛіТАРАТУРА ФАКТА АБО «СКАРБОНКА ТЭМ»? 

— Што да гістарычнай тэмы ў літаратуры, дык пра гэты жанр таксама вядзецца шмат спрэчак. У сваіх інтэрв’ю вы неаднойчы падкрэслівалі, што гісторыя — гэта самая канкрэтная навука, дзе ёсць дакладны факт. Некаторыя ж літаратары сцвярджаюць, што гісторыя — «скарбонка тэм» і ідэй, якія могуць быць усяго толькі «нагодамі» для стварэння ўласных твораў… 

— Гістарычная тэма заўсёды і ва ўсе часы была цікавай для пісьменніка. У мяне яна таксама выклікае інтарэс. І вельмі прыемна, што ў час паездкі, дзе я, у першую чаргу, прэзентавала гістарычныя творы, яны выклікалі цікавасць, асабліва — кніга «На раздарожжы двух шляхоў». У ёй апавядаецца пра рэальных асоб, што ўвайшлі ў гісторыю, у тым ліку Беларусі і Эстоніі. Напрыклад, Тэадор Нарбут, ураджэнец вёскі Шчара Лідскага павета, — не толькі бліскучы даследчык гісторыі літоўскага народа, культуры, этнаграфіі, але і выдатны інжынер-фартыфікатар, які прымаў удзел у будаўніцтве першакласных крэпасцяў у Рэвелі (Талін) і ў Бабруйску напярэдадні вайны 1812 года…

— Але ж ставіцца да гістарычнай тэмы трэба вельмі асцярожна і адказна…

— Так, безумоўна, перад намі — «скарбонка» тэм і ідэй, якія падштурхоўваюць аўтара да стварэння таго ці іншага твора. Сюжэт, вобразы, чалавечыя стасункі — усё гэта ствараецца ўяўленнем пісьменніка на падставе вывучэння канкрэтных гістарычных падзей. Але ж калі ён бярэцца за адлюстраванне гэтых самых падзей, вось тут павінна быць і глыбіня даследаванняў, і імкненне да максімальнай аб’ектыўнасці. Лепш не закранаць тое, у чым няма ўпэўненасці.

Толькі на нашай з вамі памяці шмат з’яў, калі, каб дагадзіць колішнім ідэалагічным канцэпцыям, ствараліся вобразы гістарычных дзеячаў або пэўных падзей, якія не адпавядалі сапраўднасці. Не засталіся ўбаку і літаратары. Успомнім такую тэму, як «Ленініяна», або творы, дзе ўсхваляўся «правадыр усіх часоў і народаў» Сталін, чый вобраз уславіла нават паэтка Наталля Арсеньева разам з Максімам Танкам ды Міхасём Клімковічам у 1940 годзе ў «Паэтычным лісце І.В. Сталіну». Там ёсць такія радкі: «Родны Сталін, ты здаўна жыў у думах, між намі, // Ты ў сэрцах нашых прагных словы праўды будзіў, // А сягоння ўзняў нас, каб лятаць сакаламі // У сакалінай сям’і, у царстве дзейсненых дзіў». Калі ж з’явілася магчымасць гаварыць праўду, прыйшло не толькі расчараванне ў тагачасным грамадстве, але ж і супрацьстаянне некаторых сацыяльных груп.

Ці больш даўняя гісторыя. Вы, напрыклад, ні ў адной з ордэнскіх нямецкіх хронік (а яны добра захаваліся), ні ў архівах Расіі ды іншых краін не знойдзеце звестак аб бітве на Чудскім возеры. Яе слядоў, якіхнебудзь артэфактаў не знайшлі і археолагі, што вельмі скрупулёзна даследавалі дно возера. Але ж мы на поўным сур’ёзе вывучалі гэтыя падзеі ў курсе гісторыі, глядзелі адпаведны фільм, дзе быў таксама створаны гераічны вобраз Аляксандра Неўскага — вельмі спрэчнай насамрэч гістарычнай постаці.

І НАВАТ МАНЕРЫ іМПЕРАТАРА

— Гэтым тлумачыцца і адказнасць аўтара таго ці іншага твора за стварэнне пэўнага мастацкага вобраза? 

— Адлюстраванне вобраза мінулага, на мой погляд, павінна быць найбольш адказным. У нас, на жаль, на памяці розныя вольныя трактоўкі постацей Еўфрасінні Полацкай, Барбары Радзівіл і гэтак далей. У сваёй кнізе «На раздарожжы двух шляхоў», дзе прысутнічаюць гістарычныя асобы — скажам, ваенны міністр Барклай дэ Толі, расійскі імператар Аляксандр I, — я на падставе вывучэння архіўных матэрыялаў пасяджэнняў ваенных саветаў, іншых дакументаў імкнулася перадаць не толькі агульны настрой таго часу, але ж і манеры, узаемаадносіны, мову. Мне хацелася, каб фігуры мінулых стагоддзяў гаварылі сваімі словамі, каб захаваўся дух той эпохі. Пісьменнік наогул павінен памятаць, што нясе адказнасць за сфарміраванае ўяўленне аб гістарычнай асобе, падзеі. У любым выпадку, ад таго, як чытач успрымае твор, складваецца і ягонае ўяўленне пра нашу мінуўшчыну.

— Наколькі важную ролю ў працэсе фарміравання мастацкага прачытання гістарычнай постаці выконваюць тыя ж архіўныя фонды? 

— Сёння існуе шмат архіваў, з’явілася мноства матэрыялаў, недаступных раней. Але ж, як паказвае практыка, з імі павінны працаваць падрыхтаваныя даследчыкі. На жаль, мы бачым, як нярэдка з той ці іншай справы выцягваецца адзін ліст, што змяшчае цікавую інфармацыю, і на гэтым робіцца сенсацыя, а ўсё астатняе не бярэцца пад увагу. Але ж падобны падыход небяспечны. Напрыклад, у свой час было вельмі шмат абмеркаванняў вакол бітвы пад Оршай (верасень 1514 г.), якая падавалася як вялікая перамога войска ВКЛ пад кіраўніцтвам гетмана Канстанціна Астрожскага над маскоўскімі палкамі.. Але ж у агульным кантэксце гістарычных падзей яна ўжо нічога не вырашала. Пасля падзення Смаленска (ліпень — жнівень 1514 г.) усё больш адчуваецца ўзвышэнне і перавага Масквы. І гэтая адзіная перамога, на жаль, не давала ВКЛ шанцу пазбегнуць гістарычнага пройгрышу ў супрацьстаянні з суседняй дзяржавай. Гісторыя — нібы пасьянс, у якім абавязкова ўсё павінна сысціся і апынуцца на сваіх месцах, а тое, што адбывалася ў ёй спрэчнага, павінна быць «працай над памылкамі» і не з’яўляцца яблыкам разладу.

АСНОўНЫ КРЫТЭРЫЙ: ЦіКАВА АБО НЕ 

— Але ж літаратурны працэс — вельмі складаная справа. Ён, як і грамадства, зведаў усе перыпетыі часу, да прыкладу, перажыў перыяд так званых «кніжных развалаў», калі прылаўкі запаланіла кніга з немудрагелістым сюжэтам, «лёгкае чытво», і ўжо пачаў складацца нейкі стэрэатып: гэта, маўляў, і ёсць сучасная літаратура. Такія павароты адмоўна адбіліся на агульным стане пісьменніцкага працэсу, у тым ліку сучаснага беларускага. Як можна выправіць гэтую сітуацыю? 

— Ведаеце, са стабільнасцю жыцця ў грамадства заўсёды вяртаецца і імкненне да больш глыбокага пазнання ўсяго, што адбываецца вакол. Гэта адчуваецца і праз літаратурныя творы. У апошнія гады з’явіліся цікавыя аўтары і работы. Але ж страчана шмат, і добра, што на дзяржаўным узроўні прымаюцца адпаведныя меры, каб падтрымаць літаратурны працэс, прадаставіць магчымасць заявіць аб сабе, вярнуць аўтарытэт слову, яго традыцыям, якімі багатае беларускае пісьменства. Але ж сёння такі час, калі ва ўсім свеце існуюць прамыя ўзаемаадносіны паміж выдаўцом і аўтарам. І асноўным крытэрыем у іх — цікава тое, што ты пішаш, альбо не.

— Гэта добра ці дрэнна? 

— Мне асабіста такі падыход імпануе. Аўтара ён прымушае быць больш адказным за зробленае, спадзявацца толькі на сябе, на ўласныя талент і працаздольнасць. Гэта стварае і добрыя ўмовы для канкурэнцыі, якая і вылучае са значнай колькасці аўтараў тых, хто піша і сапраўды варты стаць пісьменнікам.

Але ж ваша пытанне — глыбейшае. Хочам мы таго ці не, грамадства становіцца больш прагматычным, рацыянальным і будзе рухацца ў бок пашырэння ролі электронных сродкаў інфармацыі, Інтэрнета, інтэлектуалізацыі грамадства, і літаратар павінен не толькі ісці ў нагу разам з гэтымі працэсамі. Любы пісьменнік — яшчэ і аналітык, які бачыць далей і глыбей за іншых. І ў выйгрышы апынецца, безумоўна, той, хто зможа адчуць і дух часу, і яго тэндэнцыі. Але ж прысутнічае і іншы аспект. Сёння трэба даць пісьменніку сацыяльныя гарантыі, каб літаратурная дзейнасць не адбывалася на ўзроўні заняткаў у вольны ад працы час, патрэбна вельмі шмат укладаць у творчую моладзь, каб не страціць сувязі пакаленняў.

— Ведаю, што ў вас яшчэ ёсць і тэлепраект, таксама пэўным чынам звязаны з літаратурай. Гэта таксама аналітыка творчасці праз «сродкі інтэлектуалізацыі грамадства»?

— Калі мы разам з творчай групай пачыналі працаваць па заказе Міждзяржаўнай тэлерадыёкампаніі «Мір» над праектам, што ўключае 24 фільмы пра слынных выхадцаў з зямель Беларусі, дык часам даводзілася чуць: «Ну хто там у вас ёсць? Скарына, а яшчэ?..» Але калі мы ў адказ выдалі спіс з шасці з паловай тысяч імёнаў нашых суайчыннікаў, якія зрабілі ўнёсак у развіццё сусветнай цывілізацыі (сярод іх — не толькі дзеячы культуры, а і стваральнікі падводных лодак, ракетнага рухавіка, вядомыя навукоўцы, палітычныя дзеячы), усе былі проста агаломшаны. Уявіце сабе, як складана выбраць усяго толькі 24 персоны! Адначасова рыхтуецца да выдання ў выдавецтве «Беларуская энцыклапедыя» імя Петруся Броўкі кніга «Беларусь у кантэксце сусветнай цывілізацыі. Суайчыннікі», дзе таксама зроблена спроба стварыць грунтоўны даведнік аб нашых талентах розных часоў.